ec72d61b     

Орлов Владимир - Гарэла Сьвечка (На Белорусском Языке)



Уладзiмiр Арлоў
Гарэла сьвечка
Калi пачую знакамiтае пастэрнакаўскае "Свеча горела на столе, свеча
горела..." (а яшчэ - калi парэжуся лязом), мяне нязьменна агортвае той самы
ўспамiн. У iм за вокнамi таксама з прысьвiстам круцiць завiруха, i гарыць на
стале сьвечка, i на яе дзьме з кута скавыш, але на гэтым падабенства
сканчаецца: ня падаюць на падлогу жаночыя чаравiчкi, ня капаюць на скiнутую
сукенку гарачыя кроплi воску, агонь спакусы не ўздымае, як анёл, сваiх
крыжападобных крылаў, i двое каханкаў не зьнiкаюць у сьнегавой iмгле
экзыстэнцыйнага часу.
У тым успамiне на мяне не мiргаючы глядзяць вочы аднаклясьнiкаў, каля
сьвечкi ляжыць аркушык паперы, зь якога я зараз павiнен прачытаць тэкст
прысягi, а клясная кiраўнiчка працягвае мне лязо: спачатку яго трэба
прадэзiнфiкаваць у язычку полымя, потым чыркнуць сабе па пальцы й расьпiсацца
крывёю. Насьмешлiвыя позiркi аднаклясьнiкаў i спалохныя - аднаклясьнiцаў
робяцца нясьцерпнымi. "Не!" - крычу я i, дзьмухнуўшы на сьвечку, выбягаю ў
школьны калiдор.
Так зрываецца маё ўрачыстае ўступленьне ў атрад чырвоных сьледапытаў.
Час дзеяньня - 1968 год. Месца - наваполацкая школа, куды я прыйшоў,
пераехаўшы з Полацку, дзе ў такiя гульнi мы не гулялi.
Вядома, мiкробы пацыфiзму ў нашыя правiнцыйныя палестыны тады яшчэ не
заляталi. Колькi сябе тагачаснага памятаю, мы, як i некалькi пакаленьняў нашых
папярэднiкаў, да самазабыцьця захоплена гулялi ў "вайнушку".
Калi я пайшоў у першую клясу, трохi старэйшыя хлопчыкi судзiлi i, паводле
прысуду, павесiлi пад мостам над Палатой свайго аднагодка, прызначанага
"Гiтлерам". Кажуць, такiя выпадкi, асаблiва ў першыя паваенныя гады, здаралiся
ня толькi ў Полацку.
Ролю эсэсаўца з сваёй ахвоты ў нас звычайна выконваў Коля Кiрпiчонак. Ён
спрытна пырскаў праз шчарбiну асцой i цадзiў "юдэн, камунiстэн, камiсарэн.
Буд'ем немношко стрэляйт" з такой натуральнасьцю, што маленькiя сэрцы
безнадзейна абрывалiся ў сьцюдзёную бездань. (Мой сябра Вова Цымэрман, хоць i
быў з усiх нас самы дужы, у такiя гульнi - вiдаць, дзякуючы геннай памяцi -
нiколi не гуляў, затое ў пятай клясе, падпiльнаваўшы "эсэсаўца" Колю ў
вечаровым завулку, моўчкi i з асалодаю зьбiў таго на горкi яблык.)
Сьпярша з гэтай вайной-вайнушкаю ўсё было проста й ясна. "Нашы"
непазьбежна перамагалi "немцаў". "Нашы" былi спрэс героямi, а "iхныя" -
мярзотнiкамi. Гэта была такая ж аксыёма, як i тое, што малочнае марозiва ў
летамцы каля рынку каштавала 9 капеек.
У якi час у дзiцячай душы зашкрэблася жамярыца сумневу - узгадаць, бадай,
немагчыма.
Мiнецца шмат гадоў, пакуль хлопчык, што на допыце пляваў Колю Кiрпiчонку ў
твар i нiкога не "выдаваў" (а Коля, выцiраючы рукавом плявок, балюча бiў
"партызана" ў бок нагою ў "эсэсаўскiм" кiтайскiм кедзе), зразумее, што вайна -
гэта гераiзм i брудная палiтычная гульня, адвага й баязьлiвасьць, разьлiк i
безразважнасьць i шмат чаго iншага, прычым разьмеркаванага зусiм ня ў строгай
адпаведнасьцi з тым, чыя вайна - справядлiвая, а чыя - не. I яшчэ больш гадоў
пройдзе, пакуль той хлопчык сустрэне ў Васiля Гросмана размову начальнiка
нямецкага канцлягеру зь ягоным вязьнем, адданым бальшавiком, якi бачыў Ленiна,
i ўкормлены фашыст-iнтэлектуал, выпусьцiўшы элегантны струменьчык духмянага
цыгарэтнага дыму, скажа свайму зьнясiленаму голадам вiзавi прыкладна
наступнае: вайна памiж гiтлераўскай Нямеччынай i сталiнскай Расеяй ёсьць
трагiчнаю недарэчнасьцю, i суцешыцца ў гэтай сытуацыi можна толькi адным - хто
б нi ўзяў верх, нашая справа пе



Назад