ec72d61b     

Орлов Владимир - Маналог Святога Пётры (На Белорусском Языке)



Уладзiмiр Арлоў
Маналог святога Пётры
Ачхi! Ачхi! Выбачайце, шаноўныя. Ачхi! Вось так i ачынаешся кожнае ранiцы.
Каб ён пражыўся ў апраметнай з самымi зацятымi грэшнiкамi! Гэта я пра катар.
Ачхi!
У якiм жа гэта годзе прыстаў ён да мяне, не раўнуючы як святая доказная
iнквiзiцыя да бязвiннае душы? Ачхi!
Праклятая чыхаўка вытрасла з маёй гарапашнай галавы, нiбы зернейкi вiдуку,
усе дарэшты даты. Затое, дзякаваць Богу, усё астатняе ў памяцi трымаецца,
быццам дзеялася не даўней мiнулай нядзелi. Вось як учора было, бачу праявы
таго злашчаснага лета, калi ў наваколлi трывала гэткая сухмень, што ўвачавiдкi
жоўклi зялёныя сенажацi i пачыналi ўжо людцы паспалiтыя загадваць, цi не
давядзецца сёлета разгаўляцца грэшным чынам катамi ды кашчавымi сабакамi. I
прычынiўся той парою ў нашым касцёле нечуваны цуд. Аднойчы прычакаўшы, пакуль
арганiсты ўзяў першы акорд i хор утрапёна зацягнуў "Ave Maria!", заступнiца
наша Мацi Божая заплакала ў сваiм алтары буйнымi, як боб, слязамi. Не дзiва,
што падхапiў я тады пякельны катар. Цэлы месяц нi на хвiлю не зачынялiся
касцельныя дзверы.
Адале, скажу вам, шаноўныя, прачуўшы аб наскiх дзiвосах ды нагледзеўшыся
на збоi вернiкаў, што цягнулiся да нас, не стрываў, пусцiў слязу
Мiкола-ўгоднiк з праваслаўнай царквы, якая касавурылася на касцёл цераз пляц.
А там на вунiяцкiм храме Звеставання, што каля торжышча, пачалi прамаўляць
пад час ютранi прарокi Захарыя ды Iсая, i ўсё, кажуць, найчасцей гугнявым
голасам бажавольнага Баўтрамея, што жыў за ярам у звярынай бярлозе.
Ведама ж, дакацiлася пагудка пра небывалыя падзеi куды след, i разы тры
нiштавата прычасцiў сухую, як порах, зямельку дождж. А потым жыхары
знакамiтага нашага места ды сяляне паблiзных вёсак i зусiм паарлелi, убачыўшы,
як папаўзлi з замкавае брамы вазы з соллю i княскiя людзi сажань за сажнем
сталi густа салiць брукаванку ўсцяж возера, паўз фару i да самага вiленскага
тракту.
Зноў заманулася яснавяльможнаму валадару праехацца ўлетку на санках,
прамчаць новую каханку на мядзведжай запрэжцы. А людцам паспалiтым таксама
ўсцеха - да трэцяга калена сабранае солi стане.
Ачхi! Вы ўжо даруйце, шаноўныя, трэба начхацца ў запас, бо дзе гэта вы
бачылi святога Пётру, якi чхае на музейных наведнiкаў?
Ну так, цяпер я экспанат. Але, калi хтосьцi з вас скажа: "Sic transit
gloria mundi"*, я запярэчу. Хiба рацыя наракаць мне на свой лёс? Было нас
шасцёра братоў, а застаўся на свеце адно я. А цi не паважны век маё без малога
чатырыста гадоў, пражытыя ў гэтых барочных мурах, што памятаюць ядры
маскоўскага цара, шведскага караля i французскага iмператара ды град нялiчаных
асколкаў ад нямецкiх бомбаў?
* Так мiнаецца зямная слава (лац.).
Часам я шкадую, што ў мяне драўлянае сэрца, а часам радуюся з тае самае
прычыны, бо iначай яно не вытрывала б усяго, што мне выпала пабачыць. Але,
вiдаць, яно не зусiм драўлянае, бо такiмi вось чыстымi вясновымi ранкамi, калi
маладыя сонечныя промнi запальваюць пазалоту капiтэляў i гзымсаў, а на белыя
сцены шматкалёрна кладуцца цёплыя водсветы вiтражоў, я адчуваю, як маё сэрца
прачынаецца i дзесьцi там, у душы, нараджаецца цiхая музыка...
Ачхi! О жудлiвае насланнё Люцыпара! Ачхi! Усё, апошнi раз, бо вунь ужо
iдзе Алена, як зазвычай, усмешлiвая, лёгкая i пекная, што той анёлак.
Наша навуковая супрацоўнiца стагоддзi на тры з паловаю маладзейшая ад
мяне, аднак у яе галоўцы з дробненькiмi залацiстымi кудзеркамi змяшчаецца
гэтулькi iмёнаў, падзей i, галоўнае, датаў, што нават я крышачку зайздрошчу



Назад