ec72d61b     

Орлов Владимир - Прароцтвы Розы Герцыковiч (На Белорусском Языке)



Уладзiмiр Арлоў
Прароцтвы Розы Герцыковiч
Гэта, вядома, паталёгiя, але мушу вам сказаць, што, зрабiўшы сваiм
успамiнам рэвiзiю, я канчаткова пераканаўся: нi ў маленстве, нi потым я, па
гамбурскiм рахунку, не пазайздросьцiў нiводнаму чалавеку.
У трэцяй клясе я быў апантаны мараю пасялiцца з аднаклясьнiцай Верачкай на
ўласным атоле ў трапiчных шыротах, але чамусьцi анi не зайздросьцiў
амэрыканскiм мiльярдэрам, якiя маглi купiць сабе дзе-небудзь у Iндыйскiм
акiяне цэлы архiпэляг. Зь дзяцiнства маючы схiльнасьць да фаталiзму, я
хваравiта не зайздросьцiў хлопцам, якiя "хадзiлi" з прыгажэйшымi за маiх
дзяўчатамi. Я (што, наогул, проста недаравальна) нi разу - якiя б шэдэўры яны
нi стварылi - не адчуў зайздрасьцi да калегаў-лiтаратараў.
Але шкадаваць мяне за абдзеленасьць адным з наймацнейшых, найдзiвосьнейшых
i найшматфарбнейшых чалавечых пачуцьцяў вы ня сьпяшайцеся. Што такое
зайздрасьць, я ведаў ня горай, а можа, i лепей за самых заўзятых
зайздросьнiкаў. Iхныя эмоцыi скiроўвалiся на падобных да сябе самiх, мой жа
дыяпазон быў непараўнальна шырэйшы: аб'ектамi зайздрасьцi мне служылi рэчы,
расьлiны, жывёлы...
Я зайздросьцiў першаму на нашай вулiцы тэлевiзару i з радасьцю
ператварыўся б у нязграбны i, зь сёньняшняга гледзiшча, убогi чорна-белы
"Нёман", вакол якога зьбiралася ўвечары народу столькi ж, як у малой залi
кiнатэатру "Радзiма". Яшчэ раней я адчуваў пякучую зайздрасьць да дзьвiнскiх
самоў, якiя жылi такiм недасяжна цiкавым i таямнiчым жыцьцём, што ў
параўнаньнi зь iм маё сухаземнае iснаваньне выглядала суцэльнаю недарэчнасьцю.
Я не адмовiўся б ператварыцца ў аўтамабiль, альбо ў маю першую кнiжку "Русские
богатыри", альбо ў цёплы скураны фатэль у бацькавым службовым кабiнэце. Кожная
з гэтых зайздрасьцяў мела сваю гiсторыю, вартую навэлi, а мо й аповесьцi.
Аднак нiкому й нiчому я не зайздросьцiў так, як сабаку. Дакладней, сучцы.
Яе звалi Лайка. Яна, калi хто запамятаваў, была першым савецкiм
касманаўтам.
Лайку запусьцiлi ўвосень, калi ў нашым садзе ападалi апошнiя, салодкiя,
амаль як папяроўкi, антонаўкi, а ў суседкi Хведараўны, што жыла праз гарод ад
нас, налiвалiся гаркавай слодыччу калiнавыя гронкi. Калiна разам з трыма
маладымi вiшнямi пазначала пачатак суседчыных уладаньняў; плоту памiж гародамi
ня ставiлi i, калi Хведараўна спускала з ланцуга пярэстага дварняка Дуная, той
мог уяўляць сябе гаспадаром вялiзнага абшару.
Праўда, ён, гэты абшар, iмгненна мiзарнеў перад тым, якiм валодала
хвастатая касманаўтка.
Задзёршы галаву, я стаяў на восеньскiм холадзе й намагаўся разгледзець у
прасьветах хмараў касьмiчную будку зь вялiкiмi, ужо знаёмымi мне лiтарамi:
СССР. У будцы ляцела да болю родная i блiзкая iстота.
О, як мне праглася хоць на дзень апынуцца ў ейнай шкуры, каб таксама
iмчаць над Зямлёй, нацiскаць лапамi кнопкi кiраваньня, радасна брахаць на
зоркi i дасхочу есьцi з кансаровак кiлькi ў тамаце, якiмi - я быў непахiсна
перакананы - Лайку шчодра забясьпечылi да канца касьмiчнае экспэдыцыi.
"Марш у хату! Хопiць аблокi пасьвiць!" - крычала мама.
Аўтарства другой фразы належала ня маме, а маёй бабулi Аўгiньнi, што жыла
ў прыдняпроўскай вёсцы пад Шкловам, куды мяне адвозiлi ў траўнi на ўсё лета.
Улетку пасьвiць аблокi было больш прыемна. Я клаўся на гумнiшчы на
растрэсенае шаматкое сена, мне пад бок падточваўся кот (бабуля нiколi не
давала сваiм катам iмёнаў, называючы iх проста Катамi або Кошкамi), i мы
гадзiнамi глядзелi на пухнатыя, белыя, быццам безьлiч дзьмуховых галовак,
аблокi.



Назад