ec72d61b     

Осипенко Александр - Мiрная Вайна (На Белорусском Языке)


Алесь Асiпенка
Мiрная вайна
На ўзгорку, пад стромкiмi выносiстымi соснамi - могiлкi, звычайныя
вясковыя могiлкi з драўлянымi чорнымi агарожамi, чорнымi драўлянымi крыжамi
i парослымi муравой курганамi, таксама чорнымi ад густых ценяў. Толькi тут,
на самым высокiм месцы, з якога вiдаць вёска са светлай школкай пад лiпамi,
не пануе самотная чарната. Невысокi белы абелiск з зоркай наверсе ўвесь
зiхацiць на сонцы. Пад iм пахавана Вера Мiкалаеўна Смолiч, наша настаўнiца.
"Колькi ёй было б цяпер гадоў? - думаю я. - Мабыць, пад семдзесят. Магла б
яшчэ жыць... Хай бы паглядзела, што сталася з нашай вёскай, з намi. Вось бы
ўзрадавалася..."
Успамiны захоплiваюць мяне, i я ўжо не магу стрымацца, каб не
прыгадаць тое, пра што ведае ўся вёска.
I
Вёсачка наша Гнiлавостраў, адрэзаная ад усяго свету балотамi i лясамi,
рэдка калi здзiўлялася чуткам, што сяды-тады даходзiлi да яе. Нават пра
рэвалюцыю гнiлавостраўцы пачулi праз год i не вельмi каб здзiвiлiся таму,
што ў Расеi няма ўжо цара. Старыя пачухалi галовы i парашылi, што цар
хiтруе, схаваўся ў Сергiеўскай лаўры, каб людзi папрасiлi яго, як Iвана
Жахлiвага, вярнуцца на трон, а ён тады возьме ды i ўвядзе апрычнiну.
Яшчэ адна падзея на кароткi час узрушыла была гнiлавостраўцаў. Неяк
гады праз тры пасля рэвалюцыi ў вёсцы паявiўся фокуснiк-фальшываманетчык.
Ён глытаў кiнжалы i агонь, выцягваў з рота доўгiя каляровыя стужкi i вельмi
спрытна даставаў з чужых кiшэняў грошы, якiх там нiколi не было. Знiк ён
нечакана, падарыўшы малодшаму сынку васпаватага Верамея Ерку-Чыжыку
маленькую шпiлечку, з якой можна было зматаць сотню аршын стужкi.
Днi беглi за днямi, складалiся ў тыднi, месяцы, гады, а ў
Гнiлавостраве нiшто не мянялася. I хоць адны гнiлавостраўцы памiралi,
другiя - нараджалiся, раслi, жанiлiся, уклад заставаўся стары, дзядоўскi. А
потым надышла пара, калi ўсё перайначылася на гэтым кавалачку сухадолу, што
быў адрэзаны ад свету балотамi.
Пачалося з таго, што аднаго дня хлапчукi разнеслi па вёсцы незвычайную
навiну, якая ўзрушыла нават абыякавых да ўсяго на свеце дзядоў. Здзiўляла
не тое, што ў Гнiлавостраве спынiлася на сталае жыццё чужая жанчына. I
раней бывалi выпадкi, калi тут хавалiся незнаёмыя людзi. Але ўсе яны былi
падобны на самiх гнiлавостраўцаў i таму не выклiкалi асаблiвай цiкавасцi.
Жанчына ж, што паявiлася ў вёсцы, была iнакшая, як бы з другога свету.
Па-першае, i гэта асаблiва кiдалася ў вочы, яна была коратка падстрыжаная i
хадзiла без хусткi, з голай галавой. Па-другое, ранiцай яна вядзьмарыла на
Яўпраксiным гародчыку: махала рукамi, кланялася бярозе, не згiнаючы ног у
каленях, а пасля аблiвалася халоднай вадой са студнi. Мужчыны клялiся, што
стрыжаная жанчына вядзьмарыць у чым мацi парадзiла. Але мы аднойчы,
перамагаючы жудасны страх, падгледзелi, што чужая цётка сяк-так прыкрытая.
Па-трэцяе, i гэта было самае страшнае, яна была прыгожая, зграбная, насiла
не саматканую вопратку, а крамную: белую кофтачку i кароткую сiнюю
спаднiцу, i гэта вельмi абурала гнiлавостраўскiх жанчын.
Дзён тры гнiлавостраўцы толькi i гаварылi, што пра гэтую незвычайную
жанчыну. I хоть усе ведалi, што жанчына прыехала вучыць дзяцей, што ў яе
недзе ў горадзе ёсць муж i дачка, неспакой i трывога апанавалi людзей.
Асаблiва ўстрывожылiся людзi пасля таго, як Еркаў дзед, белабароды i лысы
Купрыян, вычытаў у бiблii, што настаў канец свету i на Гнiлавостраў паслана
богам блуднiца вавiлонская, каб помсцiць людзям за iх грахi.
Падвечар, калi чырвонае, яркае сонца ха


Назад